Спадчына: Мартынава Марыя Аляксееўна
Серада, 09 Люты 2022 11:34
23 студзеня 2022 г. – 70 гадоў з дня нараджэння Марыі Аляксееўны Мартынавай (1952–2021), кандыдата хімічных навук, вядучага навуковага супрацоўніка Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі
Марыя Аляксееўна Мартынава нарадзілася 23 студзеня 1952 г. у г. Кобрыне Брэсцкай вобласці. Бацька, Аляксей Міхайлавіч Мартынаў (1904–1999), даследчык гісторыі Кобрыншчыны, першы дырэктар Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А. В. Суворава, ганаровы грамадзянін г. Кобрына. Ад бацькоў яна атрымала любоў да кніг, рознабаковасць інтарэсаў і ўменне ладзіць з людзьмі. Калі Аляксей Міхайлавіч быў аўтарытэтам для ўсіх у пытаннях навукі і палітыкі, то маці, Лідзія Пятроўна, вядомая ў горадзе акушэрка, была аўтарытэтам у галіне медыцыны і вядзення хатняй гаспадаркі.